Родная мова адыгрывае ўнікальную ролю ў станаўленні асобы чалавека. Дашкольны ўзрост – гэта перыяд актыўнага засваення гутарковага маўлення, станаўлення і развіцця ўсіх бакоў мовы: фанетычнага, лексічнага, граматычнага. Выкарыстанне дыдактычных гульняў пры навучанні маўленню ў дашкольным узросце з’яўляецца актуальным у сувязі з тым, што гульня выступае простым і зразумелым для дзіцяці сродкам спасціжэння рэчаіснасці, натуральным і даступным шляхам авалодвання тымі ці іншымі ведамі, уменнямі, навыкамі. Таму, асаблівую ўвагу ў рабоце з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту, неабходна надаваць развіццю іх беларускага маўлення, уменню выражаць свае думкі, пачуцці, эмоцыі на мове свайго народа. Дыдактычная гульня ўяўляе сабою шматпланавую, складаную педагагічную з’яву: яна выступае як гульнявы метад навучання дзяцей дашкольнага ўзросту і формай навучання, і самастойнай гульнявой дзейнасцю, і сродкам усебаковага выхавання асобы дзіцяці. Менавіта ў дыдактычнай гульні дзіця атрымлівае магчымасць удасканальваць, узбагачаць, замацоўваць і актывізаваць сваю лексіку.