Родная мова адыгрывае ўнікальную ролю ў станаўленні асобы чалавека. Дашкольны ўзрост – гэта перыяд актыўнага засваення гутарковага маўлення, станаўлення і развіцця ўсіх бакоў мовы: фанетычнага, лексічнага, граматычнага. Выкарыстанне дыдактычных гульняў пры навучанні маўленню ў дашкольным узросце з’яўляецца актуальным у сувязі з тым, што гульня выступае простым і зразумелым для дзіцяці сродкам спасціжэння рэчаіснасці, натуральным і даступным шляхам авалодвання тымі ці іншымі ведамі, уменнямі, навыкамі. Таму, асаблівую ўвагу ў рабоце з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту, неабходна надаваць развіццю іх беларускага маўлення, уменню выражаць свае думкі, пачуцці, эмоцыі на мове свайго народа. Дыдактычная гульня ўяўляе сабою шматпланавую, складаную педагагічную з’яву: яна выступае як гульнявы метад навучання дзяцей дашкольнага ўзросту і формай навучання, і самастойнай гульнявой дзейнасцю, і сродкам усебаковага выхавання асобы дзіцяці. Менавіта ў дыдактычнай гульні дзіця атрымлівае магчымасць удасканальваць, узбагачаць, замацоўваць і актывізаваць сваю лексіку.
Дыдактычная гульня шырока выкарыстоўваецца пры навучанні дзяцей матэматыцы, роднай мове, знаёмству з прыродай і навакольным светам, у развіцці сэнсорнай культуры, з іх дапамогаю можна вырашаць адначасова некалькі важных задач у навучанні, развіцці і выхаванні дашкольнікаў. Такімі гульнямі можна назваць гульні з сюжэтам, гульні якія патрабуюць разыгрывання роляў. Так, у гульні «Магазін цацак» па сюжэце неабходныя прадавец і пакупнікі. Значную цікавасць у фарміраванні і развіцці камунікатыўных навыкаў дашкольнікаў, пашырэнні іх актыўнага слоўнікавага запасу ўяўляюць сабою гульні-інсцэніроўкі – паказ з дапамогаю цацак невялікіх сцэнак, у якіх перад дзецьмі ставяцца такія дыдактычныя задачы як здагадацца, з якой казкі паказаны эпізод, расказаць працяг казкі, расказаць пра змены, якія адбыліся на сцэне і г.д. Некаторыя з гульняў такога тыпу ставяць перад удзельнікамі задачы найперш этычнага плану. Так, у гульні “Што такое добра і што такое дрэнна” адной частцы ўдзельнікаў гульні неабходна паказваць сцэнкі з мастацкіх твораў або з жыцця, а астатнім трэба даць этычную ацэнку, вызначыць, якія персанажы робяць добра, а якія дрэнна.
З дапамогаю гульняў-заняткаў выхавальнік не толькі передае пэўныя веды, фарміруе ўяўленні, але і вучыць дзяцей гуляць. Асновай для гульняў зяўляюцца сфармуляваныя ўяўленні пра пабудову сюжэта гульні, пра разнастайныя гульневыя дзеянні з прадметамі. Важна, каб былі створаны ўмовы для пераносу гэтых ведаў і ўяўленняў у самастойныя творчыя гульні.
Наогул жа дыдактычны матэрыял павінен адпавядаць высокім гігіенічным і эстэтычным патрабаванням: цацкі павінны быць яркімі, цікавымі, мець высокі ўзровень мастацкага афармлення. Такі дыдактычны матэрыял прыцягвае ўвагу дзяцей, выклікае жаданне гуляць.
Метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні дыдактычнай гульні як сродку развіцця маўлення дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту:
- Дыдактычныя гульні неабходна падбіраць улічваючы псіхолага-педагагіныя асаблівасці развіцця і ўспрымання дзяцей групы.
- Работа над маўленнем павінна адпавядаць зместу і тэме заняткаў.
- Дыдактычныя гульні трэба выкарыстоўваць у меру, нельга імі злоўжываць: выкарыстоўваць не больш як 2-3 віды на занятку.
- Неабходна выбіраць толькі такія дыдактычныя гульні, якія не толькі зацікавяць дзіця, але і будуць выклікаць інтарэс да навучання.
- Дыдактычныя гульні і заданні павінны насіць развівальны характар.
- Дыдактычная гульня як сродак развіцця маўлення павінна праводзіцца сістэматычна, а не час ад часу.
- Выкарыстанне дыдактычных гульняў як сродку развіцця маўлення дзяцей павінна праводзіцца мэтанакіравана.