Интересные факты

  • Автор записи:
  • Комментарии к записи:0 комментариев

Слуцкія паясы

Славутыя слуцкія паясы – адна з нацыянальных рэліквій беларусаў, цудоўны ўзор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які стаў не толькі гістарычным культурным сімвалам, але і сучасным брэндам Беларусі.
Надзвычай прыгожы, сімвалічны і дарагі прадмет мужчынскага гардэроба, даступны толькі выхадцам з вышэйшых саслоўяў – слуцкія паясы – ткалі ў Беларусі яшчэ ў XVIII стагоддзі.
Сёння старадаўнія слуцкія паясы – рарытэт: у Беларусі захоўваюцца адзінкавыя экзэмпляры і фрагменты, а большая частка твораў нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва знаходзіцца ў музейных і прыватных калекцыях свету.

Доўгія шырокія паясы з прыгожым малюнкам і складаным пляценнем з каштоўных нітак атрымалі распаўсюджанне на беларускіх землях яшчэ ў XVI-XVII стагоддзях.
У адзенні магнатаў пояс быў сімвалам прыналежнасці да эліты, шматвяковых сямейных традыцый і, вядома, заможнасці. Дарагія паясы для шляхты прывозілі з усходніх краін, але ў ХVIII стагоддзі на беларускіх землях сфарміравалася ўнікальная мастацкая з’ява – «слуцкі пояс».
Беларускія ткачы стварылі свае непаўторныя ўзоры і сімвалічныя матывы, эксклюзіўную тэхналогію. Сусветную вядомасць атрымалі паясы Слуцкай персіярні – мануфактуры самай заможнай і ўплывовай дынастыі Еўропы Радзівілаў.
Першая персіярня ўзнікла ў Нясвіжы, але па распараджэнні Міхаіла Казіміра Радзівіла Рыбанькі ў 1750-я гады яе перанеслі ў Слуцк, які здаўна славіўся ўмелымі ткачамі.
Лічаць, што сёння ў свеце захавалася каля тысячы слуцкіх паясоў. І амаль усе яны знаходзяцца за межамі Беларусі: у музейных зборах Польшчы, Украіны, Расіі , Літвы, у прыватных калекцыях.
Беларускія музеі захоўваюць 11 слуцкіх паясоў розных гадоў вырабу і рознага стану, а таксама шматлікія фрагменты.
Класічны слуцкі пояс – гэта раскошная доўгая (до 3,5-4 м) тканіна шырынёй 35-40 см, якую, складваючы ўдвая або скручваючы, павязвалі  паверх шляхецкага адзення.
Шыкоўны аксесуар мог быць адна-, двух-, трох-, чатырохбаковым. Кожны з бакоў выкарыстоўваўся ў залежнасці ад каларыту адзення і сітуацыі. Напрыклад, на свята пояс павязвалі наверх залатой, чырвонай часткай; у жалобу выкарыстоўваўся чорны бок; у паўсядзённым жыцці – зялёны і шэры.
Па кампазіцыі слуцкі пояс падзелены на тры часткі: два прамавугольныя канцы і асноўная частка («сярэднік»).
На «канцах» ткалі ўзоры кветак, пераплеценых сцяблін з лістамі, галінак дрэва, медальёны разнастайнай формы. Асноўная частка складалася з папярочных аднатонных палос або палос з арнаментам. Часам тут з’яўляўся «лускавы» (падобны на рыбіну луску) малюнак або ўзор «у гарошак».
Уздоўж бакоў пояса – вузкі бардзюр з раслінным арнаментам. Канцы таксама завяршае паласа з арнаментам і махры.
Слуцкі пояс ткалі з натуральных шаўковых нітак: звычайных і абкручаных вельмі тонкім залатым або сярэбраным дротам. Такі каштоўны аксесуар называўся «літым», бо пасля пракатвання крыху шурпатага пояса цераз спецыяльны вал з’яўляліся незвычайная гладкасць і раскошны бляск.
На кожным поясе слуцкія майстры ставілі асаблівыя меткі: у час Рэчы Паспалітай – на лацініцы, пазней на кірыліцы: «Мяне зрабіў Слуцк».

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.